Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Уладзімір Караткевіч
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы — адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА (1999г.). Мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
У каледжы, каб адзначыць гэты дзень, навучэнцы групы 41М3к прынялі ўдзел у напісанні дыктоўкі па-беларуску. Навучэнцы груп 56Д3к і 41М3к удзельнічалі ў віктарыне, праслухалі інфармацыю пра гісторыю свята, адзначылі адметнасць матчынай мовы, агучылі выказванні вядомых беларускіх пісьменнікаў пра нашу мову. Адразу пасля завяршэння працы навучэнцы праверылі сябе – зверыліся з тэкстам дыктоўкі.